БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,

баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.В.Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн. групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс. чал. пры 20 гарматах. 21 ліст. рус. авангард (каля 4,5 тыс. чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс. чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс. чал., у французаў — каля 5 тыс. чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.

В.В.Антонаў.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)